Ігар Бабкоў
і ляжаць гарады ў развалінах гор
і бязьмежны сьцеп у снапах шатроў
і да скуры ліпне пяском адчай
і сьцякае пот пакідаючы шнар
і ў асадзе дых вараных вятроў
і вышэй за страх толькі іглы зор
і апошні горац ускідвае сьцяг
і ірвецца ў бой з ваяра зваяр
Чаму старадаўнія паэты
Не клапаціліся
Пра выратаваньне душаў?
Крыху віна, поўня, подых восені
І яны плачуць, як дзеці
Сузіраюць ружы ці хрызантэмы
Альбо глядзяць на мёртвыя целы
Што плывуць па Янцзы ў часы бескаралеўя
Чэрпаюць месяцовы адбітак
Не зважаюць на багоў і герояў
Бог, Імпэратар — аднолькава ў вышынях
І толькі іхныя душы
Як кірлі на пясчаных плёсах
Імклівыя, незваротныя
Альбо як высокія сосны
Раскінутыя на паўсьвета
Альбо як клёны
Што скідаюць лістоту
Са шкадаваньнем
Ідучы гасьцінцамі, сьцежкамі
Самотныя, разам з усімі
Лёгкія, невыносныя
Заўсёды ў небясьпецы
Яны не шукаюць ключы
Ад незамкнутае брамы
Якой няма і ня будзе
У восеньскім парку
Такая спакуса, — блытаць словы, рытмы, адзеньне
Трымаць цябе за руку, чытаць кнігі па алхіміі
І казаць самому сабе: яна — мая музыка
Часам далёкая, а раптам гэтыя вусны
А рукі — не зразумееш — плач, ці проста па клявішах
Кроплі дажджу пішуць лісты закаханым
Так, начныя лісты — гэта подых шчасьця
Подых, альбо уздых, альбо падарожжа
Да скраю самоты, бо толькі там пацалункі
Джаляць, і забіваюць, і п’юць імгненьне
Сьнег кружыцца за вакном
Падае, занепадае
На халоднае зямлі
Ў белай скрусе прападае
Вее, сьцелецца, зьвініць
Б’е бубенчыкамі шалу
На халоднае зямлі
Танчыць сьнежную Вальгалу
Засыпае спакваля
Вочы, весьніцы, парканы
На халоднае зямлі
Сее сьнежныя дзірваны…
Сьніць салодка: ля вакна
Веі, сьнег, шчыпотка солі
Белы сон у белым полі:
Тонкіх пальцаў белізна
Ноч прыўзьняла веі на восеньскае старонцы
Прымаючы падарункі колеру чакаляды:
Час, высмактаны да раньня, крыху віна на донцы
Заваконнага ветру зблытаныя шарады
Ноч раскінула крылы, ноч разьвінула косы
Ноч адпусьціла памяць, на вуліцы, да сьвітанку
Там, дзе празрыстых ценяў так, як ніколі, досыць
Там, дзе заплюшчыць вочы, як адгарнуць фіранку
Вецер укрые смагу, ноч заціхне ў абдымках
Сьвет паўстане далёкім, як лісты ў капэрце
Як нямое пытаньне на старых фатаздымках
Памяць аб мілых душах, што забыла памерці
Мы затанулі ў Паўночнай затоцы ў час, калі
Стырн авы нема крычаў аб блізкай зямлі
Аб стомленай поўні, схаванай пад глеем гадоў
Аб здрадлівым бляску далёкіх чужых гарадоў
Аб студнях часу, ў якіх суцішаны сны
Аб ветлых танцорках, што ткуць вялёны віны
Аб прадчуваньнях, шэптах, спакусах, аб ветры, што вее боль
Аб дрэвах на золку, якія зьядае золь
Аб веях з бурш тыну, што ў келіхах сьпеляць віно
Аб садах Шыразу, што з намі пайшлі на дно…
Усё засталося: поўня, ветразь, жагляр
Толькі соль на руках і вада у твар
Біла, лашчыла, шапатала — як быццам у сьне
Твае вусны зноў шукалі мяне
За фіранкамі сноў непрытомная, пустая эпоха
Выплятае сталёвымі пальцамі ўзоры
Жалезных песень, за ёй — сіверны вецер
Б'е ў бубны, сьпявае, сіпіць немым сьвістам
Словы, цёплыя словы, хаваюцца ў траву, глебу
Порхаюць, як матылі, жывуць так мала
Што, часам здаецца — жыць не абавязкова —
дастаткова дыханьня…
Сядзець ля вакна, думаць, глядзець на аблокі
Заняцца каліграфіяй, гартаць соньнікі, паліць файку
Быць пустым, цёплым — бяз мэты — недасяжна далёкім
Аднойчы апасьці долу, з восеньскім лісьцем
Вера паэтаў, птушкай сьляпою сядае на рукi
Ведае, вочы заплюшчу й буду
мроiць аб дрэве самотным, маўклiвым
Ведае, буду сыходзiць пакутна
ў пекла, дзе гукі жалейкі сэрца ўначы разьдзiраюць
Ведае, словы складуцца й поўня
залямантуе, заплача: ўспамiны пра неба
Вучыць, самотныя зоркi мусяць гарэць безразважна
й падаць бясконца
Вера паэтаў, каханьне